САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМ БССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.
Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.К.Панамарэнка (1946—48), А.Я.Кляшчоў (1948—53), К.Т.Мазураў (1953—56), М.Я.Аўхімовіч (1956—59), Ц.Я.Кісялёў (1959—78), А.Н.Аксёнаў (1978—83), У.І.Бровікаў (1983—86), М.В.Кавалёў (1986—90), В.Ф.Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.М.Чыгір (1994—96), С.С.Лінг (1997—2000), У.В.Ярмошын (2000—2001), Г.В.Навіцкі (з 10.1.2001).
М.І.Дзянісаў.
т. 14, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)